МАРСКІ́ КЛІ́МАТ, акіянічны клімат,
клімат, які фарміруецца ва ўмовах пераважнага ўздзеяння на атмасферу акіянічных прастораў. Пашыраны пераважна над акіянамі, а таксама над часткамі мацерыкоў, на якія ўплываюць паветр. масы акіянічнага паходжання (напр., над Зах. Еўропай, дзе пануе зах. перанос ветру). Ад кантынентальнага клімату адрозніваецца параўнальна невял. ваганнямі т-ры і значнай вільготнасцю, халаднаватым летам і мяккай зімой (ва ўмераных шыротах), большай воблачнасцю, моцнымі вятрамі, больш познім (на 1—2 месяцы) надыходам самых высокіх і самых нізкіх т-р, вясной больш халоднай за восень і адсутнасцю пастаяннага ўстойлівага снегавога покрыва.
т. 10, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)